Гучныя народныя назвы

Усе свядомыя жыхары нашага горада ведаюць, што летам ён будзе святкаваць 750 год са дня заснавання. Да гэтай важнай падзеі газета «Трудавая слава» вырашыла прысвяціць шэраг артыкулаў пра гісторыю і цікавыя факты нашага роднага Магілёва. І першы з іх – пра народныя назвы, якія людзі далі розным мясцінам і будынкам.
1. Хто такая Дунька?
Былы Дом культуры швейнай фабрыкі імя Валадарскага (што знаходзіцца насупраць гандлёвага цэнтра «Днепр») нават цяпер старажылы Магілёва называюць «Дунькіным клубам». Адкуль у яго такая назва? Дакладна не ведае ніхто. Але ёсць некалькі версій. Паводле першай, гэтую мянушку яму далі жартаўнікі, расшыфраваўшы такім чынам абрэвіатуру ДК (Дом культуры). Другая версія: калектыў названай фабрыкі быў жаночы, а самае распаўсюджанае жаночае імя ў той час – Дуня. Вось і лічылі, што клуб Дунек. А танцы там, кажуць, былі лепшыя ў горадзе.
2. Кошкіна была насамрэч.
Зараз у гэтым будынку знаходзіцца адміністрацыя Ленінскага раёна Магілёва, а спачатку, у гады савецкай улады, там даволі доўгі час размяшчаўся раённы камітэт, дзе працавала шырока вядомая і паважаная ў горадзе кіраўніца па прозвішчы Кошкіна. Таму і далі дому запамінальную назву «Кошкін дом».
3. Чаму лазня толькі для сялян.
Мала хто ведае, дзе знаходзіцца лазня № 3, а вось пра «Сялянскую лазню» на вуліцы Ціміразеўскай чулі многія. Справа ў тым, што раней на гэтым месцы праходзіла невялікая вулачка Сялянская. Зараз, як успамін пра яе, засталася толькі народная назва лазні.
4. Ад Магілёва да… Магадана.
Пяціпавярховы дом насупраць крамы «Залатая рыбка» мае сярод магіляўчан даволі дзіўную назву – «Магаданаўскі». Чаму ж зусім непрыкметны будынак атрымаў такую назву? У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Магілёве пачалося кааператыўнае будаўніцтва. Яго маглі дазволіць сабе толькі тыя, у каго было шмат грошай. Першымі ў новым доме кватэры атрымалі людзі, якія вярнуліся з працы на Поўначы, дзе былі на заробках.
5. Ленін, Сталін, Будзённы і Магілёў.
У часы СССР пры будаванні дамоў ім часам давалі гучныя імёны. Гэта, напрыклад, «Дом Сталіна», дзе на першым паверсе знаходзіцца бібліятэка імя К. Маркса. Ён атрымаў такую назву, таму што быў пабудаваны ў 1939-м да 60-годдзя правадыра. А «Дом імя Леніна», дзе зараз знаходзіцца рэстаран «Залаты дракон», нават будаваў архітэктар па прозвішчы Ульянаў. «Дом Будзённага» ў тры паверхі знаходзіцца на аднайменнай вуліцы каля кінатэатра «Радзіма», ён таксама быў здадзены да дня нараджэння маршала Сямёна Будзённага.
6. На Курскай дузе.
Дзіўную назву «Курская дуга» вялізны дом, у якім размешчана крама «Ізумруд», атрымаў за тое, што мае выгнутую форму.
7. Дзевяносты дом № 42.
Калі вы аднойчы задавалі сабе пытанне, чаму дом № 42 па вуліцы Першамайскай, у якім зараз крамы «Квартал», «Мега-топ» і многія іншыя, старэйшыя жыхары называюць «дзевяностым», мы вам адкажам. Дом на самой справе меў такі нумар да Вялікай Айчыннай вайны. Калі аднаўлялі разбураны горад, вуліца была перабудавана. А нумар так і застаўся ў народзе за прыкметнай у той час «сталінкай».

Анастасiя ЦIХАНЕНКА.

печать

Добавить комментарий

Для обеспечения удобства пользователей сайта используются cookies
Принять
Отказаться
Политика конфиденциальности