Ад старажытнасці да сучаснасці друкаванага слова

Ад старажытнасці да сучаснасці друкаванага слова

04.09.2020 Выкл. Автор ...

У першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйна свята праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, у месцах, з якімі звязана жыццё выдатных дзеячаў Беларусі розных часоў. Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2020 годзе сталі Бялынічы, з якімі непарыўна звязана імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Канцэпцыя свята паказвае адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа. Так, упершыню Дзень беларускага пісьменства прайшоў у 1994 годзе на радзіме беларускага першадрукара Францыска Скарыны – у Полацку.
За 27 гадоў існавання форуму ў Магілёўскай вобласці ён праходзіць у чацвёрты раз. Да гэтага яго сталіцамі былі Мсціслаў, Шклоў і Быхаў.
Дзень пісьменства падрыхтаваў для гасцей свята насычаную праграму. Галоўныя і яркія мерапрыемствы пройдуць у нядзелю 6 верасня. Аднак ужо ў суботу пачне працаваць фестываль кнігі.
Тэматычныя экспазіцыі, шматлікія выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі, паэтычныя сустрэчы, узнагароджання пераможцаў конкурсаў, духоўна-асветніцкія праекты, урачыстыя мерапрыемствы, канцэрты – толькі малая частка запланаванага на гэты дзень. Кожны знойдзе сабе занятак па інтарэсах. Тут будзе і фестываль беларускай кухні і беларускай прадукцыі «БелаЕжа»; і спартыўныя спаборніцтвы па розных відах спорту; і творчы праект «Кіно маёй краіны» з дэманстрацыяй мастацкіх фільмаў, мультфільмаў на беларускай мове, монаспектакль заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая Сцешыца «Сiняя-­сiняя», а для маленькіх гасцей – дзіцячае свята «Мой сябар – кніга» з прэзентацыяй дзіцячых кніг, гульнёвымі праграмамі, літаратурнымі конкурсамі і конкурсамі малюнкаў, віктарынамі, праект «Пісьменнікі – дзецям», Свята Сладкаежак, работа дзіцячых атракцыёнаў.
З поўнай праграмай свята вы можаце пазнаёміцца на старонцы № 4 і на сайце газеты «Трудовая слава». Таксама ў нас на сайце размешчана інфармацыя аб руху транспарту на рэгулярных маршрутах у Дзень беларускага пісьменства.


Наталія КУСКОВА. Фота аўтара.